ПЕРАМЕ́ШЧАНЫЯ АСО́БЫ ў міжнародным праве,

асобы, якія прымусова вывезены ў перыяд 2-й сусв. вайны 1939—1945 фаш. Германіяй з акупіраваных ёю тэрыторый у інш. краіны для выкарыстання на розных работах. Праблема П.а. асабліва востра паўстала пасля вайны, калі ўзнікла пытанне пра вяртанне іх на радзіму. У час вайны СССР заключыў з шэрагам краін, што ўваходзілі ў антыгітлераўскую кааліцыю, пагадненне аб лёсе гэтых асоб (11.2.1945 з ЗША і Англіяй; 29.6.1945 з Францыяй). Ген. Асамблея ААН у рэзалюцыях ад 12.2.1946 і 15.12.1946 устанавіла, што дзяржавы — чл. ААН павінны садзейнічаць паскоранай рэпатрыяцыі П.а., якія знаходзяцца на іх тэрыторыі. Для спрыяння вырашэнню праблемы П.а. у 1946 створана Міжнар. арг-цыя па справах бежанцаў, якая скасавана ў сувязі са стварэннем у 1951 Упраўлення вярх. камісара па справах бежанцаў. У практыцы Упраўлення вярх. камісара ўжываецца тэрмін «П.а.» таксама да некаторых катэгорый «унутраных бежанцаў» — асоб, якія нядобраахвотна пакінулі якую-н. частку сваёй краіны і вымушаны пасяліцца ў інш. яе частцы.

І.​М.​Таніева.

т. 12, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)